Старонка:Son na kurgane.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ужо сьпелы былі,
Як адзін, каласкі;
Вецер іх калыхаў
Вось так, так, на бакі.

Ласкаталі так мне
Яны твар, валасы;
Ласкатала іх я
Ад расы да расы.

Пільнавала іх я;
Ажно раз, нада днём,
К ім кабета ідзе,
Проста йдзе с фартухом.

Вочы ўпаўшы ў яе,
Не вясёла яна,
І худая уся —
Косць ды скура адна.

Як прышла, дый скубель
Каласкі так мае,
І адзін за другім
У фартух, як свае.

А я шась! а я ў сьмех!
Зьняў кабеціну страх,
Ды на ўцекі аттуль,
Толькі чула я — ах!

Разьвязаўся фартух,
А яна ўсё бяжы,
І разсеяла так
Каласкі па мяжы.

Ах, як сьмешна было!
Як сьмеялася я!