IІ.
У адзін бок вяртаецца ў Пагнэмбін Магда з натаўпам бабаў і плача, а ў другі бок сьвету ляціць у шэрую даль цягнік, а ў ім Бартэк. Шэрай далі канца ня відаць, Пагнэмбін таксама ледзь заметны. Ледзь віднеецца старая ліпа і званьніца касьцёла, таму што яго пазалачаны крыж ясна зіхаціць на сонцы. Хутка ліпа растала, а пазалачаны крыж здаецца ўжо аднэю блішчастаю плямачкаю. Пакуль блішчала гэтая плямачка, датуль Бартэк паглядаў на яе, а калі і яна зьнікла, дык селянін аканчальна паддаўся гору. Яго ахапіла нейкая слабасьць, і яму здавалася, што ён загінуў. Тады Бартэк пачаў глядзець на унтэр-афіцэра, таму што апрача Бога над ім ўжо нікога болыш ня было. Што цяпер з ім будзе, хай аб гэтым думае унтэр-афіцэр, бо сам Бартэк ужо нічога ня ведае, нічога не разумее. Унтэр-афіцэр сядзіць на лаўцы і, трымаючы паміж каленамі стрэльбу, курыць люльку. Дым штомінюты, бы хмара, зацягвае яго задуманны і сумны твар. Ня толькі вочы Бартэка глядзяць на гэты твар, на яго глядзяць усе вочы, з усіх куткоў вагона. У Пагнэмбіне або Кшывдзе, кожны Бартэк ці Войтэк сам сабе пан, кожны