Нечы асабліва гучны голас дадае: „французы едуць“ і ў адно мігненьне паніка ахапляе ня толькі жанчын, але й будучых рыцараў Сэдану. Натаўп варухнуўся. Тымчасам цягнік спыняецца. Ува ўсіх вокнах відаць шапкі з чырвонымі кругамі й мундзеры. Войска, як відаць, грама́да. На пляцформах чарнеюць гарматы, усюды блішчаць штыхі. Жаўнерам мусі загадана сьпяваць, таму што ўвесь цягнік аж дрыжыць ад моцных мужчынскіх галасоў. Нейкая моц чуецца ў гэтым цягніку, канца якога ня відаць.
На дэбаркадэры жаўнеры шыкуюцца ў рады: хто можа, дык яшчэ разьвітваецца. Бартэк махнуў сваімі магутнымі ручышчамі, быццам крыльлямі ветрака, й вырачыў вочы.
— Ну, Магда, — сказаў ён, — бывай здарова!
— Ах ты, небарака!
— Ты ўжо мяне ня ўбачыш!
— Ужо ня ўбачу?! О, Божа!
— Нічога не парадзіш!
— Няхай сьцеражэ цябе Маці Божая…
— Бывай здарова: наглядай за хатаю.
Баба са сьлязьмі абхапіла яго шыю рукамі.
— Крый цябе Божа!
Надходзіць апошняя мінюта. Піск, плач, хліпаньні жанчын часова заглушаюць усё: „Бывайце здаровы! Бывайце здаровы!“ Хутка жаўнеры ўжо адлучаны ад натаўпу народу: ужо твораць чорную, згорнутую масу, якая змыкаецца ў квадраты і пачынае рухацца з рэгулярнасьцю машыны. Разьлягаецца каманда: „сядаць!“ Квадраты скіроў-