туры на гішпанскі пасад. Водгукі званоў праводзяць натаўп, які ўжо выйшаў з вёскі. Праходзяць каля маленькае капліцы, ўсе скідаюць шапкі і каскі. На дарозе паднімаецца залацісты пыл, таму што дзень сухі і ясны. Па абодвых бакох дарогі жыта, якое дасьпявае, шарахціць цяжкімі каласамі і, час ад часу, мягка гойдаецца пры кожным павеве летняга ветрыку. Угары чуецца песьня жаваранка.
Станцыя! Зусюль прыбываюць яшчэ болей значныя натаўпы народу. Тут ужо сабраліся прызваныя з Верхняе Кшывды, Ніжняе Кшывды, з Выўлашчынцаў, з Нядолі, і Мізэрова. Гоман, крыкі, мітусьня! На сьценах станцыі налеплены маніфэсты. Вайна тут «У імя Бога й Айчыны». Запасныя пайдуць бараніць свае сем’і, жанок, дзяцей, хаты й палі. Французы, як відаць, асабліва пагражаюць Пагнэмбіну, Верхняй Кшывдзе, Ніжняй Кшывдзе, Выўлашчынцам, Нядолі і Мізэрову. Гэтак, прынамсі, здаецца тым, хто чытае маніфэсты. На станцыю прыбываюць усё новыя натаўпы. У залі дым ад люлек напаўняе паветра і зацягвае маніфэсты. Усе ходзяць, клічуць, крычаць. На дэбаркадэры чуецца нямецкая каманда, кароткая, цьвёрдая, рашучая.
Разьлягаецца званок, чуецца сьвіст і пыханьне лёкомотывы. Усё бліжэй і бліжэй прыдаецца быццам гэта надходзіць вайна.
Другі званок! Дрыжыкі прабягаюць па ўсіх сабраных. Чуецца крык: «едуць, едуць!» Жанчыны падхапляюць гэтае слова і выгукваюць «едуць!»