Пачакайце крыху, вось прыедзе абшарнік, я ў яго папрашу грошай і вам аддам.
— Ну, а штраф з чаго заплаціце?
— Ці я ведаю? Мусі прыдзецца карову прадаць.
— Я вам яшчэ пазычу.
— Хай вам Бог заплаціць. Вы хоць і лютаранін, а ўсё-ж такі добры чалавек. Я кажу праўду. Каб усе немцы былі гэткімі, як вы, дык тады лягчэй жылося-б людзям.
— Але я без процанту ня дам.
— Я ведаю, ведаю.
— Вы мне напішэце вэксаль на ўсю ўзятую вамі суму.
— Добра, хай вам Бог заплаціць.
— Я буду ў месьце і мы там напішам вэксаль.
Юст быў у месьце і ўсё аформлена, але перад гэтым Магда пайшла да ксяндза на раду. Але што тут было радзіць? Ксёндз казаў, што срок быў вельмі кароткі, што процанты вельмі вялікія, і вельмі шкадаваў, што Яжынскага няма дома, бо каб ён быў, дык, можа, і памог-бы. Аднак-жа Магда не магла-ж чакаць, пакуль у яе з ліцытацыі прададуць усю маемасьць і праз гэта мусіла згадзіцца на запрапанаваныя Юстам варункі. Яна пазычыла трыста марак, бо, заплаціўшы штраф, трэ’ было мець некаторую суму на вядзеньне гаспадэркі. Бартэку прышлося падпісаць гэтую паперу. Магда з гэтай мэтаю пайшла да яго ў вастрог. Пераможнік быў хворы і ў вельмі пры-