Перайсці да зместу

Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

жніво і пільна былі патрэбны грошы. Магду ахапіла роспач. Яна падала некалькі прашэньняў у суд аб памілаваньні, саслаўшыся ў іх на заслугі Бартэка, але не адтрымала навет і адказу. Срок надходзіў, а разам з ім і сэквэстар.

Яна малілася і малілася, з горкасьцю спамінаючы ранейшы час да вайны, калі яны жылі ў дастатку, і калі Бартэк зімою зарабляў на фабрыцы. Баба пайшла да сваіх кумоў з мэтаю падпазычыць некаторую суму, але ў іх ня было грошай. Вайна ўсім дала сябе пачуць. Да Юста Магда не адважвалася йсьці, таму што і без таго была вінавата яму і не плаціла навет процантаў. Тымчасам Юст неспадзявана сам прыйшоў да яе.

Аднаго разу ў поўдзень яна сядзела на парозе свае хаты і нічога не рабіла, таму што з роспачы проста аслабела. Магда сачыла за лятаўшымі ў паветры залацістымі мушкамі і думала аб тым, што яны гэтак шчасьлівыя, бяз клопату сабе лётаюць і ім нікому ня прыходзіцца плаціць. Час ад часу яна цяжка ўздыхала і ціха шаптала: „О, Божа, Божа!“. Раптоўна ў варотах зьявіўся Юст з фарфораваю люлькаю ў роце. Баба зьбялела.

— Morgen! — сказаў Юст.

— Як маецеся, пане Юст?

— А мае грошы?

— Пачакайце крыху, пане Юст. Што я, бедная, зраблю? Мужа майго ўзялі, і мне цяпер прыходзіцца за яго плаціць штраф. Лепей ужо мне памерці, чымся гэтак мучыцца з дня на дзень.