рагаў і падняў угару сваю жэрдку: усе кінуліся, хто куды.
Бартэк паляцеў за імі.
Нашчасьце, ен нікога не даганіў. За гэты час ён апрытомнеў і пачаў адходзіць да вёскі. Ах, калі-б перад ім былі французы! Яго адступленьне абясьсьмерціла-б гісторыя.
Справа адбывалася гэтак: колёністыя ў ліку дваццацёх чалавек ізноў рушылі на Бартэка. Ён марудна адходзіў, як дзік, гнаны сабакамі. Час ад часу ён павяртаўся і спыняўся, і тады спыняліся немцы, бо не адважваліся кінуцца на гэтага волата, азброенага жэрдкаю.
Немцы, баючыся падыйсьці, здалёк кідалі ў непрыяцеля каменьні. Адзін з гэтых каменьняў раніў Бартэка ў лоб. Кроў пачала заліваць яму вочы. Ён пачуваў, што слабее, нарэшце захістаўся і, выпусьціўшы з рук жэрдку, ўпаў.
— Гура! — гукнулі колёністыя.
Але раней, чымся яны дабеглі, Бартэк ізноў падняўся. Гэта іх стрымала. Гэты ранены воўк яшчэ мог быць небясьпечным. Пры гэтым было ўжо недалёка да вёскі і здалёк можна было бачыць некалькі парабкоў, якія, як мага, беглі на поле бітвы. Колёністыя пасьпешна адступілі да сваіх хатаў:
— Што здарылася? — спыталіся прыбегшыя парабкі.
— Я крыху пашчупаў немцаў, — адказаў Бартэк.
І ў тую-ж мінюту самлеў.