жаўнер, гэтак страшна біўшы туркосаў і зуаваў. Дарэмна сын Бэгэ, дваццацьгадовы Оскар, мужчына таксама дужы, як і бацька, пасьпяшыў да бацькі на падмогу. Адбылася нядоўгая, страшэнная барацьба, ў якой сын упаў на зямлю, а бацька пачуў сябе паднятым у паветра. Бартэк выцягнуў угару рукі, нёс яго, сам ня ведаючы куды. На няшчасьце каля хаты стаяла бочка з памыямі для сьвіней. Цераз мінюту з гэтае бочкі тырчэлі толькі ногі Бэгэ, які зараз-жа адчайна імі затрапястаўся.
Настаўнікава жонка выбегла з хаты і на ўвесь голас закрычала:
— На падмогу, ратуйце!
Жанчына ня згубіла галавы, — незабаўна перакуліла бочку і выліла з яе свайго мужа разам з памыямі.
З найбліжэйшых хатаў колёністыя пасьпяшылі на падмогу суседзям.
Каля дваццацёх немцаў кінуліся на Бартэка і пачалі яго лупцаваць кіямі і кулакамі. Адбыўся покат, усе зьбіліся ў адну купу, ў якой трудна было адрозьніць Бартэка ад ворагаў.
Раптоўна з гэтае купы біўшыхся Бартэк выскачыў, як шалёны, і пабег да плоту.
Немцы кінуліся за ім, але адначасна разьлёгся моцны трэскат плоту і ў тую-ж мінюту ў жалезных лапах Бартэка апынулася здаравенная жэрдка.
Ён з шаленствам павярнуўся тварам да во-