— выгукнула баба і, выцягнуўшы шыю, зьвярнулася да мужыкоў:
— А вы, людзі, глядзеце.
Але мужыкі пачалі выходзіць. Хутка карчма апусьцела, застаўся толькі Бартэк ды яго жонка з выцягненаю шыяю.
— Што ты сваё дыхала выцягваеш, як гусак, — мармытаў Бартэк. — Пайдзём да хаты.
— Адсячы! — паўтарала Магда.
— А вось не адсяку, — запярэчыў Бартэк і засунуў рукі ў кішані.
Шынкар, хочучы спыніць сварку, пагасіў адзіную сьвечку. Зрабілася саўсім цёмна і ціха. Праз мінюту ў цемнаце разьлёгся пісклівы голас Магды:
— Адсячы!
— А вось не адсяку, — пачуўся трыумфальны голас Бартэка.
Хутка пры сьвятле месяца па дарозе ў Пагнэмбін відаць было дзьве фігуры. Адна з іх, ішоўшая наперадзе, чутна вычытвала, — гэта была Магда, а за ёю, схіліўшы галаву, паслухмяна ішоў пераможнік каля Гравэлёту і Сэдану.