рвецца, як ніколі раней. Годзі яму гэтае Францыі, гэтае вайны і бітваў. Усё ясьней чуецца голас: „Бартэк, выратуй сваіх!“ Ах, каб гэтая вайна пайшла наскрозь зямлі!
Цераз пабітае вакно недалёчка відаць лес. Ён шуміць, як пагнэмбінскія хвоі, і ў гэтым шуме таксама чуецца:
„Бартэк, выратуй сваіх!“
Што яму рабіць?
Уцячы з імі ў лес?.. Але ўсё, што толькі пруская дысцыпліна змагла прышчапіць яму, здрыгваецца ад аднае думкі пра гэта… Трэба адагнаць гэтую думку… У Імя Айца і Сына!.. Ён, жаўнер, зробіцца дэзэртырам? ніколі!
Тымчасам лес шуміць усё мацнёй і мацней і вецер сьвішча ўсё жаласьней.
Раптам стары палонны кажа:
— Гэты вецер, як у нас увосень…
— Дай мне спакой!.. — здушаным голасам адказвае юнак.
Аднак, пасьля мінютнага маўчаньня, ён некалькі разоў паўтарае:
— У нас, у нас, у нас. О, Божа!
Глыбокі ўздых зьліваецца са сьвістам ветру, і зноў палонныя сьціхаюць…
Бартэк дрыжыць, як у трасцы…
Горш за ўсё, калі чалавек не здае сабе справы з таго, што з ім. Бартэк нічога ня ўкраў, а тымчасам яму здаецца, як быццам што-нібудзь ўкраў, і як быццам баіцца, што яго зловяць.
Нішто яму не пагражае, і ўсё-ж такі ён нечага