стральцоў. Увечары іх памясьцілі ў лясьніковай хаце. На другі дзень іх павінны былі расстраляць. Варта ў некалькі жаўнераў стала каля дзьвярэй, а Бартэка паставілі ў хаце, каля пабітага вакна, разам са зьвязанымі палоннымі.
Адзін з палонных быў ўжо немалады чалавек з вусамі, з сівізнаю і спакойным выразам на твары; другому было на выгляд гадоў дваццаць з лішкаю, яго белакурыя вусы былі яшчэ саўсім маленечкія, і ўвесь ён быў падобны хутчэй да паненкі, чымся да жаўнера.
— Вось і канец, — загаварыў малодшы, — куля ў лоб і канец.
Бартэк гэтак здрыгануўся, што стрэльба навет зазьвінела ў яго ў руцэ: юнак гаварыў папольску…
— Мне ўжо ўсё роўна, — спакойна адказаў другі, — далібог усё роўна. Я ўжо гэтулькі вытрываў валачайства, што з мяне годзі…
У Бартэка сэрца стукала ўсё мацней і мацней…
— Слухай ты, — казаў далей стары, — ратунку няма. Калі баішся, дык думай аб чым-нібудзь іншым, або кладзіся спаць. Жыцьцё подлае!
— Мне маткі шкада, — глуха сказаў малодшы.
І відочна, хочучы заглушыць неспакой самога сябе, ён пачаў сьвістаць нейкую ноту. Цераз мінюту ён, аднак-жа, сьціх сьвістаць і выгукнуў з глыбокім жалем:
— Хай заб’е мяне пярун! То-ж я навет і не разьвітаўся з ёю!
— Дык ты, значыцца, ўцёк з дому?