спагадаеш ні старым, ні дзецям. Памятай, баран ты, што за гэта Усемагутны Бог на страшным судзе ня будзе мець літасьці да гэткіх балбаноў, і апамятайся, нарэшце, турак, а не, — дык я табе лоб рассаджу. Шлю табе пяць талераў, хоць мне тут і бяда, таму што гаспадарка блага йдзе. Абнімаю цябе, найдаражэйшы Бартэк.
Магда“.
Мораль, якая была ў гэтым пісьме, зрабіла на Бартэка слабое ўражаньне. „Баба службы не разумее, — думаў ён, — а мяшаецца“. І ваяваў паранейшаму. Ен ад’значаўся ледзь што ня ў кожнай бітве, аж урэшце ўсяго на яго зьвярнула ўвагу начальства важнейшае за Штэйнмэца. Нарэшце, калі напалову зьнішчаныя пазнанскія палкі былі адпраўлены ў глыб Нямеччыны, Бартэк па радзе унтэр-афіцэра падаў прашэньне і застаўся. Па гэтай прычыне ён, пачакаўшы крыху часу, апынуўся пад сьценамі Парыжа.
Пісьмы яго цяпер былі поўнымі пагарды да французаў. „У кожнай бітве, — пісаў ён да Магды, — яны ўцякаюць, як зайцы“. І пісаў праўду. Але аблога Парыжа не асабліва яму прыпала да смаку. Каля Парыжа прыходзілася цэлыя дні сядзець ў акопах, часта будаваць шанцы і мокнуць на дажджы. Да таго-ж яшчэ яму шкада быдо свайго ранейшага палку. У тым палку, ў які яго перавялі, ў характары ахвотніка, таварышы яго былі ў большасьці немцы. Гаварыць панямецку, ён сяк-так навучыўся яшчэ будучы на фабрыцы, а