Мэц, там была бітва, і я гэтак лупіў французаў, што ўся інфантэрыя і артылерыя дзівілася. І сам гэнэрал дзівіўся і сказаў, што я выграў, бітву, і даў мне крыж. Цяпер мяне і афіцэры і унтэр-афіцэры вельмі шануюць і ў морду саўсім мала б’юць. Пасьля мы памаршавалі далей, і была другая бітва, толькі я запомніў, каля якога гэта, места, дый зноў здорава лупіў і ўзяў чацьвёрты штандар і апрача таго раніў аднаго самага галоўнага кірасьерскага палкоўніка і ўзяў у палон. А як будуць адсылаць дадому нашыя палкі, дык мне унтэр-афіцэр раіў падаць прашэньне аб тым, каб мяне пакінулі тутака, таму што на вайне толькі няма дзе спаць, а есьці даюць, колькі ўлезе, і віно ў гэтым краі ўсюды ёсьць, тому што народ багаты. Калі мы палілі адну вёску, дык не давалі літасьці ні дзецям, ні бабам, і я таксама. Касьцёл згарэў дашчэнту, бо яны каталікі, і людзей там згарэла нямала. Цяпер мы йдзём на самога імпэратара і будзе канец вайны, а ты наглядай за хатаю і Франкам, таму што, калі ня будзеш наглядаць, дык я чаго добрага бакі табе паламаю, каб ты ведала, хто я такі. Хай цябе Бог крые“.
Бартломей Словік.
Бартэку відочна вайна прыпала да смаку, і ён пачаў глядзець на яе, як на падхадзячы для сябе занятак. Бартэк зрабіўся самапэўным і цяпер ішоў у бой, як раней на якую-нібудзь работу ў Пагнэмбіне. Пасьля кожнае бітвы на грудзёх у яго зьяўляліся ўсё новыя крыжы й мідалі, і хоць