Перайсці да зместу

Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А чаму-ж бы мне й не баяцца!.. — адказвае наш рыцар, ляскаючы зубамі.

Аднак-жа, абодва яны стаяць — і Бартэк і Войтэк — і навет да галавы ім ня прыходзіць думка, што можна ўцячы. Ім загадана стаяць — і годзі. Бартэк маніць. Не баіцца ён гэтак, як тысячы іншых людзей баяліся-б на яго месцы. Дысцыпліна пануе над яго ўяўленьнем, а ў уяўленьні яго палажэньне ня рысуецца гэткім жахоўным, як яно ёсьць сапраўды. Бартэк, аднак-жа, думае, што яго заб’юць, і выказвае гэтую думку Войтэку.

— Дзіркі ў небе ня будзе, калі аднаго дурня заб’юць! — адказвае раззлаваным голасам Войтэк.

Словы гэтыя значна супакойваюць Бартэка. Здавалася, быццам яго, галоўным чынам, цікавіла, ці ня будзе дзіркі ў небе. Супакоены ў гэтым сэнсе, ён цярпліва стаіць і пачувае толькі, што яму надта горача, што пот сьцякае па яго твары. Тымчасам агонь робіцца да таго забойчым, што рады проста растапляюцца. Ужо няма каму выцягваць забітых і раненых. Хрыпеньне тых, што паміраюць, зьліваецца са сьвістам снарадаў і громам стрэлаў. Па руху трохколерных штандараў відаць, што схованыя ў вінаградніку пехацінцы ўсё бліжэй падходзяць. Карцеча робіць страшэннае спусташэньне ў радох жаўнераў, якіх пачынае апаноўваць адчайнасьць.

Але ў водгуках гэтае адчайнасьці чуецца нецярплівасьць і заўзятасьць. Калі-б жаўнерам загадана было ісьці наперад, дык яны пайшлі-б, як