бура. Яны ледзь стаяць на месцы. Раптам нейкі жаўнер скідае з галавы каску, кідае яе на зямлю і кажа:
— Раз казе сьмерць!
Пры гэтых словах Бартэк адчувае гэткую палёгку, што блізу саўсім пакідае баяцца. Таму што, калі раз казе сьмерць, дык, у сутнасьці, ці варта турбавацца. Гэта мужыцкая філёзофія якая лепшая за ўсякую іншую, таму што падбадрае чалавека. Бартэк, праўду кажучы, й сам ведаў, што раз казе сьмерць, але ўсё-ж такі яму прыемна было пачуць асабліва, калі бітва пачала набіраць характару разгрому. Іхні полк, ня даўшы аніводнага стрэлу, ужо напалову зьнішчаны. Натаўпы жаўнераў з іншых разьбітых палкоў у бязладзьдзі прабягаюць каля яго і толькі тыя мужыкі з Пагнэмбіна, Кшывды Вялікае, Кшывды Малое і Мізэрова, стрымліваныя жалезнаю прускаю дысцыплінаю, яшчэ стаяць. Але і ў іхніх радох чуецца некаторае хістаньне. Зямля пад іхнімі нагамі робіцца мягкаю і сьлізкаю ад крыві, пах якое мяшаецца з пахам дыму. У некаторых месцах рады ня могуць стуліцца, таму што трупы твораць паміж імі інтэрвалы. Паветра робіцца цяжкім, душным. У радох чуецца нездаваленьне.
— Нас прывялі на бойню!
— Ніхто жывым ня выйдзе!
— Still, polnische Vich, — разьлягаецца голаc афіцэра.
— Табе дык добра за маімі плячыма…
— Steht der Kerl da! (зважай!).