даліну. Штомінютна з гушчару вінаграднікаў вылятаюць доўгія, белыя стаўпы дыму. Пяхота пад прыкрыцьцем артылерыі спушчаецца ўсё ніжэй, каб пачаць страляці са стрэльбаў. Яна ўжо спусьцілася да паловы ўзгорка. Цяпер пяхоту якнайлепей відаць, таму што вецер адхіляе дым у бок. Быццам галоўкі цьвітучага маку мігацяць чырвоныя кэпі пехацінцаў. Раптоўна яны зьнікаюць паміж вінаграднымі лозамі, іх ужо ня відаць: толькі дзе-ня-дзе павяваюць трохколерныя штандары. Пачынаецца агонь стрэльбаў, густы, пасьпешны, раптоўна чутны ўсё ў іншых месцах. Над гэтым агнём увесь час выюць гранаты і скрыжоўваюцца ў паветры. На ўзгорку час ад часу разьлягаюцца крыкі, якім зьнізу адказвае нямецкае „гура!“ Гарматы, што стаяць у даліне, падтрымліваюць бесьперарыўны агонь.
Полк, у якім знаходзіцца Бартэк, стаіць нярухома.
Аднак-жа, сфэра агню паступова пачынае ахапляць і яго. Кулі ў аддаленьні зьвіняць, быццам мухі або шэршні, а бліжэйшыя пралятаюць з страшэнным сьвістам. Іх усё болей: вось яны сьвішчуць каля галоваў, насоў, вачэй, плечаў, ляцяць сотнямі, тысячамі. Раптоўна тут-жа за Бартэкам разьлягаецца стогн, пасьля ізноў стогн. Нарэшце, стогны чуюцца без канца, чуваць болей пасьпешную каманду, кулі сьвішчуць ўсё часьцей. Забітых выцягваюць з радоў за ногі.
— Баішся? — пытаецца Войтэк.