Перайсці да зместу

Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

праз вокны відаць было доўгія бароды і сур’ёзныя ваяўнічыя твары старых жаўнераў, з грозна блішчэўшымі вачыма. Вайсковы запал Бартэка ізноў кудысьці зьнік.

— Гэтыя страшнейшыя, — ціха вышаптаў ён, быццам баяўся, каб яны яго ня чулі.

— Ты яшчэ ня бачыў тых, што не здаліся ў палон, — заўважыў Войтэк.

— О, Божа!

— Вось пабачым.

Наглядзеўшыся на зуаваў, яны пайшлі далей. Параўняўшыся з чародным вагонам, Бартэк кінуўся назад, быццам апараны.

— Войтэк, ратуй! — крыкнуў ён.

У адчыненым вакне відаць было цёмны, блізу што чорны, твар туркоса. Ён быў мусі ранены, таму што твар яго быў скрыўлены болем.

— А што? — сказаў Войтэк.

— Гэта не жаўнер, а злы дух. Божа, будзь міласьціў мне грэшнаму!

— Паглядзі, якія ў яго буты.

— А хай ён саўсім загіне. Я на яго ня буду глядзець.

Бартэк сьціх; аднак-жа праз мінюту сказаў:

— Войтэк!

— Чаго?

— А калі-б гэткага перажагнаць? Як табе здаецца, паможа?

— Паганцы не разумеюць сьвятое веры.

Але вось жаўнерам загадана сядаць у вагоны. Цераз мінюту цягнік паляцеў наперад. Калі