жала грамада жаўнераў і народу, які глядзеў на іх з гордасьцю, але яшчэ без пачуцьця ненавісьці. Бартэк праціснуўся праз натаўп, расьпіхаючы яго лакцямі, і, паглядзеўшы на вагон, зьдзівіўся.
Вагон быў поўны францускіх пехацінцаў — маленечкіх, гразных, худых. Шмат якія з іх выцягвалі рукі па тое, чым іх надзяляў натаўп, паколькі не перашкаджаў гэтаму канвой. У Бартэка, на груньце таго, што яму казаў Войтэк, быў саўсім іншы пагляд на французаў, а дзеля гэтага, пабачыўшы іх гэткімі вартымі жалю, ён ізноў павесялеў. Рыцар наш азіраўся, ці няма дзе Войтэка. Войтэк стаяў тут-жа каля яго.
— Што-ж ты расказаваў, — заўважыў Бартэк, — нібыто іхні мужык у два-тры разы большы за нашага мужыка. То-ж гэта — заморкі. Калі-б я трахнуў каго-нібудзь з іх па лобе, дык чацьвёра звалілася-б.
— Яны, як відаць, вельмі аслабелі, — адказаў, таксама расчарованы, Войтэк.
— Паякому яны гавораць?
— Ведама, не папольску.
Супакоены ў гэтым сэнсе, Бартэк пайшоў далей удоўж лініі вагонаў.
— Нічога нявартыя! — сказаў сабе ён, скончыўшы агляд лінейных войскаў.
Але ў далейшых вагонах сядзелі зуавы. Гэтыя змусілі яго задумацца. Дзеля таго, што яны сядзелі ў зачыненых вагонах, дык нельга было пераканацца, ці сапраўды кожны з іх у два або ў тры разы большы за звычайнага чалавека, але