іншыя штомінюты просяць вады. Дзе-ня-дзе паміж раненымі відаць твар таго, што памірае, іншы раз спакойны, з сінімі кругамі пад вачыма, іншы раз скрыўлены канвульсіямі, з перапалоханымі вачыма і вышчаранымі зубамі. Бартэк першы раз бачыць крывавыя рэзультаты вайны. У галаве яго адбываецца нейкі вадаварот, ён стаіць у натаўпе з разяўленым ротам, яго піхаюць у розныя бакі. Нарэшце, жандар штурхануў яго ложаю ў плечы. Бартэк шукае вачыма Войтэка, хутка знаходзіць яго і кажа:
— Войтэк, бачыш?
— Гэтак будзе і з табою.
— Езус! Марыя! І гэтак вось людзі забіваюць адзін аднаго. А вось, як мужык паб’е мужыка, дык яго зараз-жа жандары бяруць пад арышт, і пасьля яго суд карае.
— Ну, а цяпер той зух, хто болей людзей напсуе. Няўжо-ж ты, дурны, думаў што будзеш страляць парожнімі набоямі, як на манэбрах або да мішэняў, а не да людзей.
Тут, відочна, аказалася розьніца паміж тэорыяй і практыкай. То-ж наш Бартэк быў жаўнерам, хадзіў на муштры і манэбры, страляў, ведаў што вайна на тое, каб забіваць, але цяпер, як убачыў кроў раненых, беды вайны, дык яму зрабілася гэтак нядобра, што ён ледзь стаяў на нагах. Бартэк ізноў ахапіўся пашанаю да французаў, якая паменшылася толькі тады, калі пераехалі з Дэйча ў Кэльн. На цэнтральным вакзале пагнэмбінцы першы раз убачылі палонных. Іх абкру-