пераможлівых землякоў. Цягнікі парасквечваны зялёнымі вянкамі. Уланы прымацоўваюць да сваіх дзідаў падараныя ім букеты. Паміж уланамі большасьць таксама палякі. Раз у раз з вокнаў вагонаў чуюцца выгукваньні:
— Як маецеся хлопцы, а куды вас Бог нясе?
Іншы раз з пралятаўшага па суседніх рэйках цягніка далятала якая-нібудзь знаёмая песенка, якую Бартэк і яго таварышы зараз-жа падхаплялі.
Наколькі ўсе яны выехалі з Пагнэмбіну панурымі, настолькі-ж цяпер былі поўнымі веселасьці. Аднак-жа, прыбыўшы з Францыі цягнік з першымі раненымі псуе ім добры настрой. Ён спыняецца ў Дэйчы і доўга стаіць там, таму што трэба прапусьціць тыя цягнікі, якія сьпяшаюцца на тэатр ваенных дзеяў. Але раней, чымся ўсе яны пераедуць цераз мост у Кэльне, патрэбна некалькі гадзін часу. Бартэк разам з іншымі бяжыць глянуць на хворых і раненых. Некаторыя з іх ляжаць у зачыненых вагонах, а іншыя, дзеля таго што няма вольных месцаў, — на пляцформах, і гэтых можна добра бачыць. Пры першым паглядзе на іх, рыцарскі дух Бартэка кудысьці зьнікае.
— Хадзі сюды, Войтэк! — крычыць ён спалоханым голасам, — глядзі, сколькі народу напсавалі гэтыя французы.
І, сапраўды, ёсьць на што паглядзець! Твары раненых белыя, змучаныя, некаторыя счарнелі ад пораху і мукі; цераз павязкі прабіваецца кроў. На водгукі радасьцяў натаўпу раненыя адказваюць толькі стагнаньнем, іншыя з іх праклінаюць вайну,