тых вусох, вырачаных вачох і вялікай фігуры робіць яго страшным. На яго глядзяць са зьдзіўленьнем, як на нейкага асаблівага зьвера. Вось якіх немцы маюць абаронцаў! Гэты ўжо накладзе французам. Бартэк усьмяхаецца, таму што й ён рад, што пабілі французаў. Яны, прынамсі, цяпер ужо ня прыдуць ў Пагнэмбін, ня будуць цягацца за Магдаю і не адбяруць зямлі. Ён усьмяхаецца, але праз тое, што шчокі ў яго баляць, дык твар яго крывіцца і сапраўды робіцца страшным. Затое Бартэк есьць з апэтытам гомэраўскага рыцара. Вялікія кавалкі гарохавае кілбасы і кубкі піва зьнікаюць у яго ў роце, быццам у прорве. Яму даюць цыгары, фэнігі і ён усё бярэ.
— Добры народ гэтыя немцы, — зьвяртаецца Бартэк да Войтэка, а праз мінюту дадае: — А вось бачыш, яны пабілі французаў.
Але скэптычны Войтэк расхалоджвае таварыша. Ён праракуе, як Касандра:
— Французы заўсёды спачатку даюць сябе пабіць, каб ашукаць непрыяцеля, а пасьля, як вазьмуцца за яго, дык толькі касмакі ляцяць.
Войтэк ня ведае пра тое, што яго зданьне падзяляе большая часьць Эўропы і яшчэ менш ведае пра тое, што ўся Эўропа разам з ім памыляецца.
Едуць далей. Куды ні кінуць вокам, ўсе хаты ўквечаны сьцягамі. На некаторых станцыях цягнік стаіць даўжэй, чымся звычайна, таму што ўсюды грамада цягнікоў. Войска з усіх басоў Нямеччыны сьпяшаецца на падмацаваньне сваіх