Перайсці да зместу

Старонка:Sienkievic.Bartek pieramoznik.djvu/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Яны й старых не абмінаюць.

— О, — крыкнуў Бартэк гэткім тонам, як быццам хацеў гэтым сказаць: ну, калі так, дык я ўжо ім дам.

Яму здавалася, што гэта ўжо занадта. Гарэлку хай сабе ціхачом правозяць, а датычна Магды — даруй цяпер. Бартэк пачаў глядзець цяпер на гэту вайну з пункту гледжаньня ўласных інтарэсаў і пачуў нейкую бадзёрасьць пры думцы, што гэтулькі гарматаў і войска йдзе бараніць Магду, якой пагражае францускае валачайства. Кулакі яго нявольна зашчаміліся, і страх перад французамі зьмяшаўся ў яго розуме з ненавісьцю да іх. Ён прыйшоў да перакананьня, што ўжо нічога не парадзіш, што трэба йсьці. Тымчасам надыйшла ноч. Сьцямнела. Вагоны, едучы па няроўных рэйках, моцна важгаліся, і ў тахту з іхнімі рухамі гойдаліся направа і налева каскі і штыхі.

Прайшла гадзіна, другая. З коміна паравозу выляталі мільёны іскраў, якія скрыжоўваліся паміж сабою ў цемнаце. Бартэк доўга ня мог заснуць: як тыя іскры ў паветры, — гэтак у яго ў галаве мігцелі думкі аб вайне, аб Магдзе, аб Пагнэмбіне, аб французах і немцах. Яму здавалася, што калі-б ён навет хацеў, дык ўжо ня мог-бы ўстаць з гэтае лаўкі, на якой сядзеў. Нарэшце, Бартэк заснуў, але нездаровым паўсном. Сьніў ён, быццам яго Лысы кусаецца з Войткавым Бурым ды гэтак, што шэрсьць ляціць касмакамі. Ён схапіў палку, каб іх памірыць, як раптам бачыць ужо