вайне, дык Штэйнмэц крычаў ім: „Наперад, хлопцы, на немцаў!“ Толькі з французамі ня гэтак-то й лёгка!
— О, Божа!
— Французы ніколі ніводнае вайны не прагралі. Француз, як прыстане да цябе, дык ужо ня вывернешся, ня думай. Кожны іхні мужык у два ці ў тры разы большы за нашага, а бароды ў іх доўгія, як у жыдоў. Іншы чорны, як чорт! Гэткага, калі ўбачыш, дык ўжо маліся Богу!
— Ну, дык нашто-ж нам ісьці да іх? — з сумам пытаецца Бартэк.
Гэта філёзофская ўвага, быць можа, была ня так дурною, як яна здавалася Войтэку, які, відочна, пад уплывам урадовых натхненьняў, пасьпяшыў адказаць:
— Я таксама лічыў-бы за лепшае ня йсьці. Але-ж, калі не пайдзем мы, дык прыйдуць яны. Нічога не парадзіш. А ты чытаў, што было надрукована? Яны больш за ўсё злыя на нашых мужыкоў. Людзі кажуць, як быццам яны дзеля таго так ласуюць на тутэйшыя землі, што хацелі правозіць з Польскага Каралеўства контрабандным спосабам гарэлку, а тутэйшы ўрад не пазваляе — і праз гэта вайна. Цяпер разумееш?
— Чаму-ж не разумець, — сказаў Бартэк.
Войтэк казаў далей:
— Кажуць яшчэ, быццам яны страшэнна любяць бабаў.
— Дык, значыцца, да прыкладу сказаць, яны й маёй Магдзе не даравалі-б?