Бяручы гэта пад увагу, ён перш за ўсе паўтарыў пытаньне:
— Што гэта за народ?..
— Ну, але.
Войтэку былі вядомы тры народы: у сярэдзіне „палякі“, з аднаго боку „рускія“, а з другога — „немцы“. Але немцаў былі розныя гатункі. Дзеля гэтага, хочучы выказацца больш ясна, як точна, ён сказаў:
— Што гэта за народ — французы? Ды як табе сказаць: мусі гэткія самыя немцы, толькі яшчэ горшыя…
— О, сьцервы! — заўважыў Бартэк.
Дасюль ён меў да французаў адно толькі пачуцьцё, а ласьне пачуцьцё нязвычайнага страху. А цяпер гэты жаўнер прускага ляндвэру выкладаў яму больш ясную патрыятычную непрыязьнь. Аднак жа, ён яшчэ ня ўсё зразумеў і дзеля гэтага ізноў спытаўся:
— Значыцца, немцы будуць ваяваць з немцамі?
Тут Войтэк, як другі Сократ, рашыў ісьці шляхам параўнаньняў і запярэчыў:
— А хіба твой Лысы з маім Бурым ня кусаюцца?
Бартэк расплюшчыў вочы і з мінюту глядзеў на свайго настаўніка.
— Гэта праўда… — заўважыў ён.
— Гэта-ж і аўстрыякі — немцы, — казаў далей Войтэк, — а хіба нашыя ня біліся з імі? Стары Сьвершч расказаваў, шо як ён быў на тэй