— Чаго глядзіш, быццам цялё, якае вядуць рэзаць, — вышаптаў Гвіздала. — хоць-жа, ты, небарака, сапраўды йдзеш на разаніну…
— Ой-ёй! — застагнаў Бартэк.
— Баішся? — спытаўся Гвіздала.
— Ды як-жа не баяцца…
Зарніца зрабілася яшчэ больш чырвонаю. Гвіздала, паказваючы на яе рукою, ціха сказаў:
— Бачыш гэтае сьвятло? Ці ведаеш, дурню, што гэта такое? Гэта кроў. Тут Польшча, значыцца, наш край, — разумееш? А вун там далёка, дзе гэтак зьзяе, гэта і ёсьць Францыя…
— А ці хутка мы туды даедзем?
— Хіба табе так пасьпешна? Кажуць, быццам, страшэнна далёка. Але ня турбуйся; французы самі пайдуць на нас.
Бартэк пачаў напружанна працаваць сваею пагнэмбінскаю галавою. Пасьля мінютнага маўчаньня, ён спытаўся:
— Войтэк?
— Чаго ты?
— А скажы, што гэта за народ — французы?
Тут вучонасьць Войтэка раптоўна ўбачыла перад сабою прорву, ў якую ёй лягчэй было ўляцець, чымея выляцець назад. Яму было вядома толькі, што французы — гэта французы. Ён чуў нешта пра іх ад старых людзей, якія казалі, што яны заўсёды ўсіх білі; нарэшце, ведаў, што гэта нейкія саўсім чужыя людзі, але як гэта вытлумачыць Бартэку, каб ён зразумеў, да якой ступені яны чужыя?