Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/33

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тае не пакінула глыбокіх сьлядоў у такіх моцных нацыянальных організмах, як украінская культура або польская. Дзякуючы таму, што частка іх этнографічнае тэрыторыі ляжалі па-за межамі Расіі, яны мелі магчымасьць вольна разьвіваць і свой друк, і свой рух, і сваю культуру. У XІX ст. украінскі нацыянальны рух стаяў настолькі высока, што ён пагражаў царскай уладзе ўжо ў 1848 г. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе Кіеўскае Кірыла-Мэтодыеўскае брацтва з яго панславізмам, дэфэрацыйным падзелам тагочаснай „Россійской Имперіи і выдзяленьнем у паасобныя фэдэрацыйныя адзінкі беларусаў і украінцаў[1]. У 60-х гадох украінскі рух пераносіцца ў тагочасную аўстрыяцкую Украіну і прымае там яскрава русафобскі характар, асабліва ў канцы 80-х гадоў, калі ў Львове была абвешчана поўная самабытнасьць у нацыянальна-культурных адносінах украінскага народу[2].

Для Беларусі-ж памянёная палітыка расійскага ўраду была дужа цяжкай, бо ўсе яе этнографічныя абшары знаходзіліся ў межах „Россійскай Имперіи“ далёка ад дзяржаўнай мяжы; з прычыны гэтых географічных умоў, пры наяўнасьці слаба разьвітага нацыянальнага руху ў XІX ст., беларусы ня здолелі змагацца з палітыкай царскага ўраду, накіраванай да ператварэньня беларусоў і украінцаў у "чисто русскихъ" людзей.

Каб упэўніцца ў гэтым, варта паглядзець, паводле бібліографіі Балтрамайціса[3], сотні артыкулаў 60-х-80-х гадоў, па пытаньнях русіфікацыі Беларусі, якія зьмешчаны ў розных расійскіх выданьнях, або азнаёміцца са спэцыяльным русіфікатарскім выданьнем К. Гаворскага „Вѣстникъ Западной Россіи".

Для ілюстрацыі прывяду некалькі ўрыўкаў з тагочасных дакумэнтаў.

У „Представленіи Попечителя Виленскаго Учебнаго Округа князя Ширинскаго-Шахматова Министру Народнаго Просвѣщенія гр. Путянину“ ад 2 верасьня 1861 г., паміж іншым чытаем: „Въ губерніяхъ Виленской, Гродненской и Минской большая часть сельскаго населенія говоритъ нарѣчіемъ бѣлорусскимъ, поэтому и народныя училища въ этихъ мѣстностяхъ должны быть чисто русскими,[4] (курсіў мой).

У сакрэтнай справаздачы Мураўёва чытаем аб „возстановленіи и упроченіи русской народности и православія“ у краі, дзе „сами русскіе, не считали себя русскими“,[5] аб „утвержденіи въ краѣ русскаго быта и православія“,[6] аб тым, што „съ помощью русскихъ дѣятелей дѣло присоединенія того края [Беларусі] къ Россіи значительно подвинулось впередъ;[7] далей Мураўёў адзначае выдатную ролю праваслаўнага духавенства ў „утвержденіи въ краѣ русской народности".[8]

  1. Шеголевъ, С. Укр. движеніе... с. 34.
  2. Ibidem, стар. V.
  3. С. Балтрамайтисъ. Сборникъ библіографическихъ матеріаловъ... Спб., 1904.
  4. Сборникъ документовъ гр. М. Н. Муравьева, т. 1, А. Бѣлецкій, Вильна, 1906; стар. 146.
  5. Отчетъ гр. М. Муравьева по управленію Сѣверо-Западнымъ Краемъ съ 1 мая 1863 г. по 17 апрѣля 1865 г.; стар. 7-8.
  6. Ibid., c. 8.
  7. Ibid., c. 16.
  8. Ibid., c. 21.