Такім чынам весткі, якія падае М. Янчук аб тым, што ў 80-х гадох мінулага стагодзьдзя нібы быў забаронены беларускі друк, не спраўджаюцца. Якраз бачым адваротнае. З канца 80-х гадоў да 1906 г.―году, калі рэволюцыяй былі зьнішчаны розныя цэнзурныя абмежаваньні наогул, мы бачым цэлы шэраг, больш 40 розных твораў, вершаў і нарысаў на беларускай мове, што офіцыйна друкаваліся з дазволу цэнзуры ў шэрагу ня толькі беларускіх гарадоў, як, напр., у Менску, Віцебску, Магілеве, Смаленску, Горадні і Вільні, але нават далёка за яе межамі: у Маскве, Пецярбургу і Чарнігаве. Тлумачыць выпадковасьцю ці цэнзурным недаглядам цяжка. Пытаньне гэта аднак спрашчаецца, калі прагледзеўшы ўсе выдрукаваныя за апошнія два дзесяцігодзьдзі XІX ст. выданьні ўбачым, што яны былі надрукованы ня польскім альфабэтам, а дазволенай тагочасным урадам кірыліцай.
У заканчэньне разгледжанага намі часу адносна забароны беларускага друку падамо выпіску з пастановы камітэту Міністраў 1905 г.: „Представить Министрамъ и главнымъ начальникамъ вѣдомствъ, безъ замедленія, и во всякомъ случаѣ не позднѣе 6-ти мѣсяцевъ со дня утверждения сего положения: 1, распорядиться отмѣною, стѣсняющихъ употребленіе мѣстныхъ языковъ въ Западномъ краѣ и не основанныхъ прямо на законѣ, административныхъ распоряженій“[1]... У гэтай пастанове фігуруе не абсалютная забарона мовы, а толькі „административныя распоряженія стѣсняющіе употребленіе мѣстныхъ языковъ“. У адносінах да беларускае мовы пакуль што вядома такое распараджэньне толькі 1859 г., пасьля адмены якога пачалі ізноў друкавацца беларускія творы польскім альфабэтам.
Граф Віттэ, пад старшынством якога адбывалася толькі што прыведзеная пастанова Камітэту Міністраў, у сваіх успамінах―таксама не ўспамінае ніякіх абсолютных забарон ужываньня моваў; ён піша: „Комитет Министров по указу 12 декабря (1904 г.) принял некоторые частные меры, так например относительно свободы малороссийскаго языка, ибо в то время не разрешалось даже обращение евангелия на малороссийском языке. Вероятно, это имеет место и теперь (запіскі пісаны ў 1907-1908 гадох; гл. стар. XXXVІ—VІІ), после столыпинскаго режима. Сказанное разрешение было дано Комитетом Министров, в заседание коего был приглашен по этому делу президент Академии Наук Великий Князь Константин Константинович, который очень поддерживал мнение о необходимости дозволить обращение евангелия на малоссийском языке"[2]. Вось і ўсё, што адзначае Віттэ ў сваіх успамінах адносна друку нацыянальных меньшасьцяй.
Застаецца зрабіць падрахунак вышэйпаданых фактаў, у якіх з боку прыхільнікаў погляду забароны беларускага друку бачым амаль што поўную адсутнасьць дакумантальных даных, дзякуючы чаму пытаньне забароны беларускага друку ляжыць выключна на вусных паданьнях і ў дадатак паданьнях, як мы бачылі, вельмі недакладных і