Старонка:Shlubski adnosina rasiiskaga urada.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У 70-х гадох (не раней 1872 г. і не пазьней 1878 г.) Сянчыкоўскі падаў Міністру Цімашову запіску „объ уничтожении польскаго языка въ костелахъ и о замѣне его языкомъ русскимъ, бѣлорусскимъ и другими народными нарѣчіями"[1]...

Вынікі сваёй працы Сянчыкоўскі адзначае так: „въ одной Минской губ. было 32 приходскія р.-к. церкви, въ которыхъ 46 ксендзовъ употребляли уже вмѣсто польскаго бѣлорусскій и русскій языки“[2], „духовное наше начальство одобрило употребление мѣстнаго бѣлорусскаго и русскаго языка“[3]. Адносна таго, як падзялялася ў ужываньні беларуская і вялікарасійская („русская“) мова, Сянчыкоўскі проста кажа: „мы (ксяндзы) проповѣдывали бѣлоруссамъ на родномъ ихъ языкѣ“[4], гэта значыць на беларускай мове; тое, што Сянчыкоўскі пад "народнай", „роднай“ мовай разумеў мову беларускую, падкрэсьліваецца наступнымі старонкамі цытаванага досьледу Жыркевіча, як, напр., 374, 467, 468, 470, 474. Далей Сянчыкоўскі больш падрабязгова кажа аб тым, як яны (ксяндзы) падзялялі ў ужываньні беларускую і вялікарасійскую мовы: "многіе... принялись въ нашихъ церковныхъ и обыкновенныхъ бесѣдахъ съ народомъ употреблять не польскій, интеллигентный языкъ, но простонародный бѣлорусскій и русский―смотря по мѣстности, въ которой более былъ въ употребленіи одинъ изъ этихъ языковъ"[5].

Прыведзенае наводзіць на думку, што Сянчыкоўскі ў ліку 46 ксяндзоў Меншчыны ўжываў беларускую мову ў мясцовасьцях, дзе жыло беларускае сялянства, у касьцёлах беларускіх вёсак, і наадварот — там, дзе былі польскія паны, дзе ўжывалася польская мова, у касьцёлах гарадоў яны ўжывалі вялікарасійскую мову. Зразумела, што такога характару праца выклікала вялікае абурэньне, як з боку каталіцкага духавенства, якое мела і мае да сяньнешняга дня тэндэнцыю хрысьціць беларускае сялянства каталіцкага веравызнаньня ў палякаў, так і з боку польскіх паноў, якія сеялі пальшчызну на Беларусі, адбудоўваючы Польшчу ў межах 1772 году.

Магчыма, што Сянчыкоўскі і ўсе яго аднадумцы ўжываць вялікарасійскую мову прымушаны былі ў сілу тых політычных абставін, якіх была тады Беларусь і наогул беларускае пытаньне. Адкінь яны вялікарасійскую мову ў гарадзкіх касьцёлах, ім, магчыма, нельга было-б ужываць беларускую мову там, дзе яна была больш за ўсё патрэбна-сярод вясковага беларускага жыхарства. Гэта будзе ясна, калі ўспомнім, што вялізная большасьць піонераў беларушчыны ў ХІХ ст. выходзіла з апалячаных колаў насельніцтва, прычым шмат у каго з іх політычныя погляды і ідэолёгія былі польскія; гэта было прычынай абвінавачваньня беларусаў, у сучасныя Сянчыкоўскаму часы, у сэпаратызьме польскага адценьня, як гэта, напр., выказваў у друку М. Каяловіч[6] і іншыя[7].

  1. Ibidem, c. 329.
  2. Ibidem, c. 59-60.
  3. Ibidem, c. 61.
  4. Ibidem, с. 59.
  5. Ibidem, c. 59.
  6. Кояловичъ. М. Польское приглашение бѣлорусскаго юношества къ сепаратизму. („Новое Время“, 1882), перадрук у „Литовскихъ Епархіальныхъ Вѣдомостяхъ". 1882, № 10).
  7. Бѣлоруссъ. Русский языкъ въ костелахъ Сѣв.-Западнаго края, "Русскій Вѣстникъ", т. 77; стар. 620.