адносна забароны беларускага друку, якія належаць 1926 г., знаходзім у газэце „Голас Беларуса“ (выдаецца К. Езавітавым у Рызе), у якой чытаем: „Як ужо ўсім вядома, стары царскі Расійскі ўрад аж да часу першае расійскае рэвалюцыі 1905 году забараняў друкаваць кніжкі і газэты на беларускай мове"[1].
Новую думку аб закранутым пытаньні выказвае Я. Лёсік: "мясцовая адміністрацыя пасвойму тлумачыла законы аб забароне беларускага друку і не дазваляла друкаваць ніводнай кніжкі ў беларускай мове. А калі часам тое ці іншае беларускае слова пападала ў друк, то толькі лацінкаю, як польскае"[2].
Вось уласна кажучы і ўсе даныя аб забароне беларускага друку, што маюцца ў літаратуры беларускай, вялікарасійскай, украінскай і польскай; больш пэўных даных, якія былі-б падмацаваны дакумэнтамі, знайсьці не ўдалося. Калі глыбей удумацца ва ўвесь прапанаваны матар'ял, то знойдзем у ім шмат недапасаванасьці і супярэчнасьці.
Пасьля разгляду даных, якія сьведчаць аб забароне беларускага друку расійскім урадам, разгледзім тыя даныя, што гавораць проці забароны расійскім урадам беларускага друку.
Перш пералічым беларускія выданьні і паасобныя творы, што былі надрукаваны ў першай палове XІX ст.
1. У 1835 г. у Вільні была выдана кніжка п. 3.: „Krótkіe zebranіe naukі chrześcіjańskіej dla wіeśnіaków mówіących językіem polsko-ruskіm wyznanіa rzymsko-katolіckіego". Кніжка гэтая мае ўсяго 24 старонкі, з якіх каталіцкі катэхізм у беларускай мове займае старонкі 3-15 і 19-24, а польскі тэкст знаходзіцца толькі на старонках 15-19, з 24 старонак усяго толькі на 8. На кніжцы маецца ўрадавы дазвол на яе друк, які падпісаны тагочасным віленскім цэнзарам П. Кукальнікам[3].
2. Праз дзесяць год, 1845 г. у Вільні друкуецца: "Katechіzm o czcі cesara Wszech Rossyі, czylі objaśnіenіe czwartego przykazanіa Boskіego w stosunku do Zwіerzchnoścі krajowej. Za Najwyżczym rozkazem, dla użycіa po szkołach і koścіołach Rzymsko-Kotolіckіch wіejskіch wydrukowany. Wіlno. Nakład і druk T. Glusberga ksіęgarza і typografa szkól bіaforušk. nauk. okr." 1845. 15х9 цм. б. 16., прычым частка тэксту гэтага выданьня напісана на беларускай мове[4].
3. Прапускаючы некалькі беларускіх вершаў, якія былі выдрукаваны ў польскіх і вялікарасійскіх часопісах, адзначу кніжкі Яна Чачота (Jan Czeczot): „Pіosnkі wіeśnіacze z nad Díwіny"... (Nіemna і Džwіny), якія друкаваліся ў Вільні на працягу з 1837 па 1846 г.; як убачым ніжэй, выданьне 1846 г. цэнзура лічыла кніжкай, напісанай беларускай мовай[5].
- ↑ 20 угодкі легальнае беларускае прэсы. "Голас Беларуса", Рыга, 1926, № 38.
- ↑ "Вольны Сьцяг", 1921. № 5, стр. 26.
- ↑ "Беларускі Сьцяг". Коўна, 1922; № 4; стар. 65-66.
- ↑ Выданьне гэта апісана ў „Крывічу", 1927, № 12, стар. 105.
- ↑ Карскі адносна памянёных выданьняў Чачота піша: „Чечоту принадлежить шесть книжечекъ народныхъ произведеній. Однако въ большей части ихъ даются не подлинныя пѣсни, а польскія подражанія имъ и переводы". Як цікавыя з боку беларускай мовы, акад. Карскі вызначае выданьні 1844 і 1846 гадоў ("Бѣлоруссы", т. 1, 1904. Вильна, стар. 214).