Старонка:SLOVA.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вострымі стрэламі за зямлю Рускую, за раны Ігаравы, буйнага Святаслаўліча!

IX

Ужо бо Сула не цячэ ручаямі срабрыстымі к гораду Пераяслаўлю, ужо Дзвіна балотам цячэ к тым грозным палачанам, пад воклік паганых. Адзін толькі Ізяслаў, сын Васількавы, пазваніў сваімі вострымі мячамі аб шоламы літоўскія. Перабіў славу дзеду свайму Усяславу, а сам пад чырвонымі шчытамі на крывавай траве, пабіты літоўскімі мячамі, з Хоціем лёг, а той кажа:

«Дружыну тваю, княжа, птахі крыллем апранулі, а звяры кроў палізалі!»

Не было тут брата, Брачыслава, ні другога Усевалада; адзін ён выпусціў жамчужную душу з храбрага цела цераз залатое ажарэлле.

Занылі песні, зачахла вясёласць, трубяць трубы гарадзенскія.

Яраслаўле і ўсе ўнукі Усеслаўлевы! Апусціце ўжо сцягі свае! Пахавайце мячы свае пашчарбаныя! Вы бо сваімі нязгодамі пачалі наводзіць паганых на Рускую зямлю, на надзел Усяслава, ад чаго і насілле пайшло ад зямлі Палавецкай.

У сёмы Траянавы век жэрабя кінуў Усяслаў аб дзяўчыне мілай сабе. Падпёршыся клюкамі, ён на кані паімчаўся да горада Кіева і даткнуўся дзідай да кіеўскага залатога пасада. Ад іх скочыў зверам дзікім. Апоўначы з Белгарада ахутаўся сіняй імглой, а на раніцу, узняўшыся, браму стракалам адчыніў Ноўгараду, разбіў Яраслаўлеву славу і скочыў ваўком да Нямігі з Дудутак.

На Нямізе снапы сцелюць галовамі, малоцяць цапамі сталёвымі, жыццё кладуць на таку, душу веюць ад цела. Нямігі крывавыя берагі не дабром былі засеяны, засеяны былі касцямі сыноў рускіх.

Усяслаў князь людзям суд судзіў, гарадамі князёў надзяляў, а сам поначы воўкам гуляў. З Кіева да пятухоў дасцігаў Тмутаракані; ялікаму Хорсу ваўком шлях перабягаў. Таму ў Полацку рана званы пазванілі к завутрані ў Сафіі Святой, а ён у Кіеве звон чуе