Старонка:SLOVA.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Хоць і вешчая душа ў дзёрзкім целе была, але часта бяды нацярпеўся. Яму першаму вешчы Баян і прыпеўку злажыў дасціпную:

«Ні хітраму, ні быстраму,
Ні шпаркаму птаху
Не мінуці божага суда».

О! стагнаці Рускай зямлі, успомніўшы быўшу часіну і быўшых князёў!

Старога таго Уладзімера не магчыма было прыкаваці да кіеўскіх гораў! Цяпер бо яго сцягі сталі — адны Рурыкавы, а другія — Давідавы, але хобаты іх паасобку калышуцца.

X

Пяюць дзіды на Дунаі. Яраслаўны голас чуецца. Беспрыпыннаю зязюляй раным-рана галосіць:

«Паляту, кажа так, па Дунаю зязюляй, абмачу рукаво бабровае ў Каяле рацэ, абатру князю раны яго на магутным на целе яго».

Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі на сцяне, наракаючы:

«О, вецер, вятрыска! Чаму ты насільна так вееш? Чаму імчыш ханскія стрэлы на лёганькім крыллі сваім ды на вояў мужа майго? Ці-ж веяць мала табе ўгары пад аблокі, лялеючы ў моры сінім караблі? Чаму ты вясёласць маю па кавылі развеяў?»

Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі горадзе на сцяне, наракаючы:

«О, Днепру Славуцічу! Горы каменныя ты перасек скрозь зямлі Палавецкае; чоўны лялеяў ты на сабе Святаслаўлевы к войску Кабякаву. Прылялей-жа й мужа майго да мяне, каб рана я слёз не ссылала на мора к яму!»

Яраслаўна зрання плача ў Пуціўлі на сцяне, наракаючы:

«О, светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу. Нашто-ж панясло ты свой промень гарачы на вояў тых мужа майго? Па полі бязводным ім смагаю лукі звяло, а ўтулы тугой ім заткала!»