Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ба сказаць праўду, харошэе тут мейсцачка! Гэта і ёсць той узгорок, за каторы пашла яго мама… Ах, як тут прыгожа! А сонейка як добрэнька і прыветна грэла тут! Увесь узгорачэк жаўцеў сваім чысьценькім пясочкам, нагрэтым сонейкам. Не так далёка ад гэтуль стаіць іх сяло; цэрква весела выглядае сваімі высокімі вежамі з зялёнаго вянку стройных ліпак і купчастых бярэзін… А самае важнае тое, што адгэтуль можна бачыць ўсё, што робіцца вакруг. Унь там хтось арэ, павольна ідучы за сошкаю; там ходзяць авечкі, і чуваць, як клічуць сабак пастухі. Самога-ж Юркі не відаць. Каб ешчэ лепш разгледзіць усю ваколіцу, Юрка узлез на хвойку. Божэ, якая высачыня! Каб ешчэ падлез столькі, то можэ і гэтые хмаркі шараваліся-б аб яго галаву. А як далёка ўсё відаць! Сяло сусім блізютка, нават можна пералічыць усе калодзіжы. Юрка прымайстраваўся на хвойцы, сеўшы на тым мейсьці, дзе глаўны камель яе дзяліўся ў гары на тры роўные камлюкі. Ад гэтых, камлюкоў ішлі танчэйшые сукі, ад сукоў галінкі, і так яны гожэ разрасталіся, у такім ішлі парадачку, такую слаўную выплеталі верхавіну, што каб і хацеў прыдумаць такую, то не прыдумаў-бы.