Перайсці да зместу

Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/137

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чаго ты лаешся, Грыпіна? — накінуўся на кабету Карусь Цесьля і міргнуў у бок мужчын: — мусіць добра яму жывецца с табой, калі чэлавек на зламаньне карку кінуўся ў студню. — І, зірнуўшы на жонак, дабавіў: вось што робіць ваша грызьня з нашым братам…

— Гарэлка вам гэта робіць, — загаманілі жонкі дружным хорам.

Карусь замахаў рукамі і заткнуў вушы.

— А ніхай вас! вось сарокі! Толькі і астаецца уцекаць ад вас у калодзіж.

Карусь нагнуўся і клікнуў Арцёма.

— Арцём! ці добра табе там? —

— Добра, браце! — адазваўся Арцём і заплюхаў нагой па вадзе: — такі табе тут халадок, што проста — ах!.. Карусь! ты заўсёды быў мой лепшы друг: кінь, браце, мне сюды люльку!

— Вылазь брат! тут пакурыш. Вось і драбіны табе прынясьлі.

Неколькі мужчын паволі апускалі ў студню прынесеные драбіны.

— А на што мне драбіны? — пытаўся, седзючы на скрыні, Арцём: — думаеце, я вылезу ад гэтуль? Што я там буду рабіць з вамі? што мне там міла? нічога!.. Ня чуў хіба грызьні? А тут, браткі, — рай! —