Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/138

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

„І гэй, ў Та-аганро-о-зі, да!
„І гэй, ў Таганро-о-зі да!“—

Зацягнуў Арцём у калодзіжы песьню.

— Дык ты, Карусь, ня кінеш мне люльку?—скончыўшы сьпеваць, спытаўся ізноў Арцём.

— Татка, галубок! выла-а-азь!—заплакаў Арцёмаў сын, хлопчык гадкоў дзесяць.

— А! гэта ты, Сымонка? А сынок ты мой! Скажы мне, каток, які гэта прарок сядзеў у пустыні, і крумкачы насілі яму мяса?

— Выла-а-азь!

— Я ў цябе, пся кроў твая, пытаюся: якому прароку крумкачы насілі мяса? —

— Выла-а-азь!

— Эх! уздыхнуў Арцём:—Адзін шкадуе люлькі, і гэта лепшы друг! Другі ня хочэ сказаць, каму крумкачы насілі мяса, і хто? родны сын! І жыві ты пасьля гэтаго на сьвеці. Лепей-бы ты мяне, матанька, на сьвет не радзіла.—І Арцём ізноў засьпеваў:

„На што ты радзіла
Мяне, матанька?
На што ты радзіла
На сьвет сіраціну?“—