Старонка:Rodnyja zjavy 1914.pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

двор, згубіла Арцёмавы сьляды. Кінуўшыся туды і сюды, яна спынілася, момэнт раздумываючы над тым, куды прапаў Арцём. Хоць Арцём і нікога ні бачыў, лезучы ў калодзіж, але яго дагледзіў малы Пятрук: ён быў у суседзкім садзе і бачыў праз шчыліны частакола, як дзядзька Арцём кідаўся ў калодзіж. І ў той момант, як Грыпіна, ламала галаву, шукаючы Арцёма, Пятрук выбег на вуліцу.

— Цётка! дзядзька ўкінуўся у калодзіж! — закрычаў Пятрук палахлівым голасам.

Пятруковы словы чуць-чуць данясліся да Арцёма.

— А, пся маць яго, злодзей! такі дасачыў!—падумаў, седзючы, Арцём. Цётка Грыпіна выпусьціла качаргу і заламала рукі.

— А Божухна! а Матухна! Што ты, Пятрук, гаворыш?!

— Даль-Бог жэ, цётачка, дзядзька ўкінуўся ў калодзіж! Я сам бачыў,—чуць не плачучы, кляўся Пятрук.

Грыпіна, забыўшыся качаргі, кінулася да студні.

— Арцём! Арцём! ці ты тут? Ці жывы