Старонка:Rak vusach 1938.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

VI

Прывялі карася пад канвоем,
Абступілі яго шчыльным роем.
Плотачка як глянула,
Ледзь на дно не канула:
Такі-ж ён няшчасненьк,
Кругленькі, блішчасценькі.
Лін паплыў пад лозы
Выцерці там слёзы.
Нават сом крануўся,
Хвост яго сагнуўся,
І вусы задрыжалі
З гэтакага жалю.
Пытае сом лагодна,
Ну, як бацька родны:
- Ну, як жывеш, карась?
- А так сабе, нядрэнна:
Качаюся, як князь,
Прысмакі ем штодзенна.

Здзівілася тут рыб'я грамада:
Вось выпаліў, дык выпаліў, брыда!
А ялец той схаваўся ад стыда.
- Цікава, - кажа сом, - цікава!
Здзівіў ты нас, карась, яй-права!..
Ну, а скажы: ты смуцішся ці не?
- Чаго смуціцца мне?
Не ведаю такога пачуцця -
Цярпець я не магу ні смутку,
ні ныцця!
І часу не хачу на тое глупства траціць:
За глупства гэтае ніхто мне не заплаціць.
- Ты кажаш - траціць часу.
Навошта-ж траціш час?