Старонка:Rak vusach 1938.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І жыру ёсць даволі,
А тое нараканне
І гэтая жалоба —
Пустое выдумлянне,
Ці панская хвароба.
— Гум! — прамовіў сом: —
Што-ж мы раку паднясём?
Няхай, значыць, гіне рак?
Ці ў няшчасных стаўся брак?
— Дайце слоўка мне сказаць! —
Ялец стаў хвастом віляць:
— Я скажу вам праўду ўсю:
Жыць найгорай карасю!
І ўсе грымнулі: — Так, так!
Ён — няшчаснейшы бядак!
Жыве ў такім балоце,
У такой брудоце!
Ён такі гаротны,
Ён непаваротны,
Ні адной мінуты
Без тае пакуты!
Збоку глянуць — жаль бярэ!..
Як ён з гора не памрэ!
— А дзе карась?
— Зашыўся ў гразь,
І сход яму нямілы,
Сядзіць там, апастылы! —
І кажа сом: — Заклікаць гаруна!
Шчупак, распарадзіся!
— Я ўраз, сом! Спалю, як з пяруна!
А ты, карась, дзяржыся!