Старонка:Rak vusach 1938.pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

- А вось які мой сказ:
Люблю паэзію, жыцця майго украсу,
І з ёю я не ведаю згрызот,
Паэзіяй і смутак адганяю:
Зашыюся ў чарот
І вершы там складаю.
Здзівіўся сом, вачамі ўскінуў язь
І кажа карасю: — Паэт ты наш, карась!
Гаворыш складна ты,
Паслухаць нават люба.
Мы слухалі, разявіўшы раты,
Хоць ты адказваў досыць груба,
Але хачу цябе спытаць:
А што будзеш ты спяваць,
Як часамі кульганш
Ды на прыпек пападзеш?
— Папаўся, брат, карась!
Паэзія тут — лясь!
— Нязгодзен з вамі, грамадзяне!
Калі той час настане,
І лягу я ў скавараду,
То й вусам там не павяду:
Люблю я песціцца ў смятане!
Засмяяўся сом:
— А няхай ты згары!
Дзівакі, як відаць, песняры,
Мабыць розум у іх слабаваты, -
Адпраўляйся, карась, ты дахаты.
Пачакай! ці не ведаеш, брат,
Хто па часці няшчасця тут хват?
— Пра пакуты чарот мне шумеў,
Але слухаць я часу не меў.