Старонка:Pesni galby 1910.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ВОСЕНЬ.
Пуста ў лузе. Толькі стогі
Парыжэўшые стаяць,
Ды шпакі каля дарогі
Цэлы дзень, адно, крычаць.

Грэчка зжата. Гола ў полі.
Жыта зьвезена даўно.
Толькі плаваюць на волі
Кучы хмар, як валакно.

Дожджык сее без прэстанку;
Вецер сьвішчэ так як зьвер…
Колькі лужын каля ганку!
А гразі, гразі цяпер!..

Ссохлі травы. Усё павяла.
Слоць, плюхота, холад, цьма.
Эх, скарэй бы закрывала
Зямлю чорную зіма!