Старонка:Paltava.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Што ён не помніць міласціны,
Што ён не даражыць нічым,
Што кроў гатоў ён ліць, як воду,
Што не шануе ён свабоду,
Што для яго Айчына — дым.

Здаўна ўжо намысел жахлівы
У сэрцы тоіць злы старык,
260 Але зрок востры, абурлівы
Варожы зрок яго пранік.
«Не, злы драпежнік, не, гад подлы! —
Скрыгоча ў мыслях Качубей: —
Я не крану змяінай кодлы,
Цямніцы дочухны маей.
Не стлееш ты сярод пажару,
Ты не падохнеш ад удару
Казацкай шаблі, люты гад:
У рукі возьме цябе кат.
270 Ў крыві, у марным запіранні,
На дыбе ў жорсткім катаванні
Ты праклянеш і дзень і час,
Калі дачку хрысціў у нас,
І пір, калі пачосткі чашу
Табе я споўна наліваў,
І ноч, калі галубку нашу,
Стары каршун, ты закляваў!»

Так! былі часы: з Качубеем
Дружыў Мазепа, і тады,
280 Як за сталом соль, хлеб з алеем,
Дзялілі радасці плады.
Не раз іх коні ў бой суровы
Імчалі побач праз агні,
І часта доўгія размовы
Сам-насам ткалі ў цішыні.
Прад Качубеем гетман прагны
Сваёй душы мяцежнай багны
У тых размовах адкрываў,
Аб надыходзячых змяненнях,
290 Перагаворах, абурэннях
У цьмяных словах намякаў.