Старонка:Paltava.pdf/40

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Як можна?..
390 З горыччу балеснай
Любоўнік слухаў бессардэчны,
Ды, віхрам дум закружана,
«Аднак жа, — кажа зноў яна, —
Я помню поле… гоман тлумны,
Народ і… мёртвыя… я шла…
На свята маці павяла…
Ды дзе ж ты быў? З табой парозна
Чаго блукаю ў ночы я?
Хадзем дамоў!. хутчэй, бо позна…
400 Ах, чую, галава мая
Узбунтавана, ды з пустога:
Я палічыла за другога
Цябе, старык. Я не твая!
Пакінь мяне. Твой зрок нягожы,
Пачварны ты. А ён прыгожы:
З яго вачэй глядзіць любоў,
А ў гутарках такая нега,
А вусы, — ну, бялей ад снега,
А на тваіх застыла кроў».

410 І з дзікім смехам завісчэла…
І лягчэй серны маладой
Яна ўзнялася, паляцела
І знікла ў цемрадзі начной.

Зыходзіў мрок. Усход святлеў.
Агонь казачы палымнеў.
Пшаніцу казакі варылі;
Драбанты ўжо каля Дняпра
Каней расседланых паілі.
Прачнуўся Карл. «Пара! пара!
420 Ўставай, Мазепа, час — світае».
Ды гетман сам не спіць даўно.
Нуда, нуда яго згрызае,
І сэрца горычы паўно.
І моўчкі ён каня сядлае
Ды мчыцца з беглым каралём.
Рубеж свой родны пакідае,
І страшны зрок гарыць агнём.