Старонка:Paltava.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Між дзікіх скалаў чутка дрэмле
Расіі вораг і Пятра.
Шануюць мары сон героя.
Урок Палтавы ён забыў.
Ды сон Мазепаў цяжкі быў.
Дух цёмны ў ім не знаў спакою.
І раптам — ціш і глуш кругом -
Яго ж завуць! Ён абудзіўся.
Глядзіць — хтось, грозячы пярстом,
Над ім ціхутка нахіліўся.
Ён дрогнуў, як пад тапаром.
Прад ім з развітымі касамі
Стаіць, паблісквае вачамі,
У рвані ўся, худа як цень,
І на ёй месяца прамень.
«Ці ж сон? Марыя! ці ты гэта?»

Марыя

Цішэй, цішэй! вось толькі што
Айцец і маці сышлі з свету…
Пастой… пачуць нас можа хто!

Мазепа

Марыя, бедная Марыя!
Апамятуйся, што з табой!

Марыя

Паслухай: хітрыкі якія!
Што з расказ у іх… Пастой.
Яна за тайнасць мне сказала,
Што бацька мой на плаху лёг.
І мне ціхутка паказала
Сівую галаву… о бог!
Куды ўцякаць нам ад зласлоўя?
Падумай, штука якава:
Не чалавечча безгалоўе,
Была ж то воўча галава!
Чым ашукаць мяне хацела!
Нашто мяне ёй катаваць?
І для таго? Каб я не смела
З табой сягоння уцякаць?