Старонка:Paltava.pdf/41

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Прайшло сто год — што ж засталося
Ад сільных, гордых тых людзей,
Так поўных воляю страсцей?
Іх род мінуўся ў марным лёсе,
І знікнуў з ім крывавы след
Намогі, гора, цяжкіх бед.
Ў жыцці паўночнае дзяржавы,
У яе лёсе, барацьбе
Адзіны ты, герой Палтавы,
Пакінуў помнік па сабе.
У краю тым, дзе рад крылаты,
Як стража мірная, млыноў,
Бендэр вартуе валы-скаты,
Дзе буйвал шворыцца рагаты
Вакол магілаў-курганоў —
Сляды апошняе прыгоды,
Тры заняпалыя ў зямлі,
Заросшыя імхамі сходы
Аб шведскім сведчаць каралі.
З іх адбіваў ён, неадумны,
З натоўпам слуг, пад грозны гук,
Турэцкай раці прыступ шумны
І кінуў шпагу пад бунчук.
І дарма там чужак панылы
Шукаў бы гетманскай магілы:
Забыт Мазепа з даўніх пор,
І толькі святасцю царкоўнай
Яму пракляцце красамоўна
У год адзін раз шле сабор.
Ды захавалася магіла
Нявінных страднікаў дваіх:
Між праведных магіл старых
Іх мірна цэрква прытуліла.
Цвіце ў Дзіканьцы цэлы гай
Дубоў, сябрамі ўзгадаваных;
Аб продках, смерцю пакараных,
Вядуць унукам яны бай.
Але дачка… аб ёй паданні
Маўчаць. Пакуты і блуканні,
І лёс яе, і марнасць чар
Непранікальнай цемнатою