Старонка:Paltava.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

І дзе Мазепа? дзе ён, змей?
Куды схаваўся Юда ў страсе?
Чаму кароль не між гасцей?
Чаму прадажнік не на пласе?

320 Вярхом праз шыр стэпоў глухіх
Кароль і гетман мкнуць галопам.
Бягуць. Звязала доля іх.
Пагоня, блізкая іх тропам,
Даруе сілу каралю.
Ён рану цяжкую сваю
Забыў. Панікшы галавою,
Ляціць, не спынены нічым,
І слугі верныя гурмою
Чуць паспяваюць услед за ім.

330 Акідваючы вострым зрокам
Стэповых далечаў прастор,
З ім гетман мкне непадалёку.
Вось хутарскі прад імі двор.
Чаго ж Мазепа ў непакою?
Чаго ўзбоч хутара стралою
Ён паляцеў? Куды? Чаго?
Ці двор узрушыў так яго,
І гэты сад, і дом самотны,
І дзверы з зяўраю пустой
340 Расказ забыты і журботны
Яму напомнілі сабой?
Губіцель святасці нявіннай!
Ці пазнаеш ты кут гасцінны,
Вясёлы колісь гэты дом,
Дзе ад віна жывы, румяны,
Сям'ёй шчаслівай шанаваны,
Ты жарты сыпаў за сталом?
Ці пазнаеш прытулак скромны,
Дзе мірны ангел бытаваў,
350 І сад, адкуль ты ноччу цёмнай
Увёў у стэп... Пазнаў, пазнаў!

Хавае змрочнасць ценяў землю.
Паўзбераг сіняга Дняпра