Старонка:Paltava.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У Вайнароўскага ў руках
Мушкетны ствол дымком крануўся.
Забіты ў некалькіх сажнях
Казак скрываўлены валяўся.
А конь у пене і ў пылу,
Пачуўшы волю, паімчаўся
І знік у вогненным далу.
Казак на гетмана імкнуўся
Праз бітву з шабляю ў руках,
З шалёнай ярасцю ў вачах.
Пад'ехаў гетман, азірнуўся,
Спытаў. Але казак-яздок
Ужо канаў. Пагаслы зрок
Гразіў шчэ ворагу Расіі.
На твар сон смерці наплываў,
І імя любае Марыі
Язык ледзь чутна называў.

Ды блізка, блізка перамога.
Ура! Мы ломім шведа злога!
О слаўны час! о слаўны від!
Яшчэ напор - і вораг біт.
І следам конніца ў пагоню,
Забойствам тупяцца мячы,
І паўшымі пакрыты гоні,
Як роем чорнай саранчы.

Піруе Пётр. І горды, светлы,
І славы поўны зрок яго.
І царскі пір, як сонца, ветлы
Пры кліках воінства свайго.
Ён у шатры сваім частуе
Сваіх ваяк, ваяк чужых,
Палонных гонарам трактуе
І за настаўнікаў сваіх
Прыязных тостаў не шкадуе.

Але дзе першы званы госць?
Дзе першы грозны наш вучыцель,
Чыю нястомленую злосць
Палтаўскі сцішыў пакарыцель?