Старонка:Paltava.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жах смерці сеюць. Згарача
Ў сутычках рубяцца спляча.
І, паваліўшы целаў груды,
Клубкі чыгунныя усюды
Між імі рвуцца, грукацяць,
Прах рыюць і ў крыві сіпяць.
Швед, рускі - рэжа, рубіць, коле.
Бой барабанны, крык, скуголле,
Гарматаў гром, іржанне, стогн,
І пекла й смерць з усіх старон.

Сярод трывогі і ўзрушэння
Спакойна, поглядам натхнення
Правадыры на бой глядзяць,
За рухам ратніцтва сачаць,
Прадбачаць ход і лёсы бою
І думкі дзеляць між сабою.
Ды хто паблізу ўладара?
Хто воін той пад сівінамі?
Двумя падтрыман казакамі,
Гарлівец рускага цара,
Ён вокам практыка-героя
За мітусеннем сочыць боя.
Ды на каня не ўскочыць ён -
Змарнеў Палей стары ў выгнанні,
І казакі на кліч: к змаганню! -
Не паляцяць з усіх старон!
Але чаму бліснулі вочы
І злосцю, нібы мрокам ночы,
Яго заслалася чало?
Што абурыць яго магло?
Ці згледзеў ён праз дым, туманы
Мазепу - ворага, і ён
Сваім гадам і свайму стану
У гэты міг паслаў праклён?

Мазепа ў цяжкім задуменні
Глядзеў на бітву ў акружэнні
Сваіх мяцежных казакоў,
Радні, старшынь і сердзюкоў.
Раптоўна - стрэл. Ён азірнуўся -