Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/99

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Паправіць ліпкаю мянушкай.
„Памдзей“ аб’ежчык быў ня шкодны:
Так, чалавек ён старамодны
І не такі, як Ворцюх, зыркі
І меней здольны на прыдзіркі
І на падкусы і на ўданьне,
За што й вагі ён ня меў званьня.
Вось Арцюшок — о, гэта скула!
Ну, і шкадлівы-ж быў, хамула,
Хоць у панкі пралез адразу:
Цаніў Ракоўскі ў ім заразу;
Вось так і віўся каля пана…
Цьфу ты, мардасіна пагана!
Якога чыну даслужыўся —
Обэр-аб’ежчыкам лічыўся,
Брахун ня горшы ад сабакі.
Ен меў сабачыя адзнакі —
Брахаў налева і направа;
Была й сабачча яго слава,
І калі пахла дзе даносам,
Тады, крутнуўшы толькі носам,
Кавалі згодна, ў адно слова:
«Ну, гэта штучка Арцюшкова!»
А вось і ён. Ідзе фарсіста,
Глядзіць звысока, ганарыста,
Але зірнуць людзям у вочы
Ён штось ня надта ўжо ахвочы,
А параўняўшыся з «Памдзеем»:
Ён толькі лыпнуў ліхадзеем
У бок аб’ежчыка старога,
Але ня вымавіў нічога.
«Памдзей» штурхець пад бок Міхала:
«Счуў, бэстыя, чыё зьеў сала»,
На, Арцюшка «Памдзей» ківае,
А сам нявесела ўздыхае
І выраз твару мае горкі.
— Чакаць, пам-дзееньку, праборкі! —
Прамовіў ён у засмучэньні: —
Брахнуў аб нейкім папушчэньні,
Пабіць-бы, гаду, морды-пыцкі! —
Тут быў, таксама, і Абрыцкі,
Стары аб’ежчык і служака,