Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Было ўсё слаўна і прыгожа;
Мастацкі зробленая брама,
Ласкала вока гэтак сама,
Але Міхалу не хацелась
Глядзець на гэта ўсё — прыелась,
І панскі дом з ласіным рогам
На Міхася глядзеў вастрогам,
Бо тут, апроч тае зьнявагі,
Сказаць, ад кожнага брадзягі,
У стражнікоўскім сваім лёсе
Нічога ведаць ня прышлося.
А гэта сэсія, спатканьне,
Падкусваньне і насьмяханьне —
Як прыкра гэта ўсё і нудна,
І няпрыемна, і паскудна!
Міхал ступіў на двор кватэры
З душою, згрызенай бяз меры
Але, спаткаўшы саслугачых,
Спакойных больш і менш гарачых,
Міхал мяняе выраз твару
І гоніць прэч задуму-хмару,
Ідзе, вітаецца, сьмяецца,
Бы смутку век ня знаў, здаецца,
Бо людзі схільны строіць кпіны
З тваіх нягод бяз дай прычыны.
Тут быў Скварчэўскі, Ліхтаровіч,
Амброжык, Суднік, Астахновіч,
«Памдзей», аб’езчык і мысьлівы,
На пачастункі памаўзьлівы,
Худы, як рак, слабы, няскладны,
Да ўсякай стравы падкі, жадны,
Пры місцы добры памагатар,
Таксама й выпіць быў аматар.
Любіў часьцютка ён, бывала,
Зайсьці па службе да Міхала,
Дзе так прыветна спатыкалі
І добра, моцна сілкавалі.
«Памдзей» быў створан з «пана дзея».
Ня поп наш дзядзька, але ўмее
Зірнуць часамі «ў свае сьвятцы»,
Каб трапным словам адазвацца,
І сэнс «духоўнай» карталюшкі