Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/100

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Курэц і добры выпівака.
Любіў і ён, «Тэш, проша пана».
Куснуць падчас неспадзявана.
Звычайна ён спаўняў тры ролі:
Або сьмяшыў усіх да болі,
Калі ў сьмяхотным захапленьні
Апісваў розныя здарэньні,
Ці пераймаў таго, другога,
Або маўчаў зацята-строга
Ды пухкаў люльку задуменна,
Або гарэлку піў сумленна,
Ды не валяўся пад платамі,
Хоць скробаў добра капытамі.
У часе гэтых сэсій-збораў
Было ня мала абгавораў
І розных штучак, жартаў, кпінак,
Ліхіх і добрых успамінак;
То, часам, сьмехам, а то ў злосьці
Перамывалі паном косьці,
Рашалі розныя пытаньні
На-конт сяброўскага спатканьня,
І хто каму дзе стаўся варты,
І закладаліся на кварты,
Зусім забыўшыся аб лесе.
Але ўся важнасьць гэтых сэсій
І іх грунтоўныя асновы
Складалісь з панскае размовы,
Калі каго сам пан лясьнічы
Да канцылярыі закліча.
Тады ўсё моўкла — ні гу-гу!
Звычайна ў першую чаргу
Для рапартоў і справаздачы,
Угнуўшы хвост той пасабачы,
Ішлі аб’ежчыкі асобна
А ўсім паведаміць падробна:
Якія дзе былі здарэньні,
Ці непарадкі, папушчэньні:
Як лясьнікі, яго падпаскі,
Свае спаўнялі абавязкі,
Дзе і ў каго былі парубкі,
Каб мець прычыну дзеля ўзлупкі.
Калі-ж у гэтай справаздачы