Старонка:Novaja ziamlia 1923.pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З гадзіну добрую сланялісь
Або мянцілі языкамі,
То, часам, востра, то пагана,
Пакуль ня клікалі да пана.
Вось і цяпер, у дзянёк гэты,
Як мае быць ужо адзеты,
Сказаць, адзеты і фарсіста,
І гладка выбрыўшыся, чыста,
Міхал ужо разгладжваў вусы.
— Асьцярагайся-ж ты спакусы:
Прыйдзі хоць раз да дому ў часе! —
Зьвярнулась жонка да Міхася.
Ох, гэта нуднае прыслоўе,
Бадай яму ўжо безгалоўе!
І колькі раз ён чуе гэта!
Ну, й надаедная-ж кабета:
Вось так і выкіне на вока!..
Міхал абураны глыбока,
І гнеў мяняе яго вочы.
Ох, ды й язык-жа ты жаночы.
Ці ёсьць ці не прычына так —
Ўсё роўна менціць і кусае.
— Ну, як табе ўжо не абрыдне
Казаць адно сто раз на тыдні?!
Сказала, сорак раз і — квіта! —
Міхал адказвае сярдзіта,
Глядзіць, паблісквае вачыма,
І злосна, ўскідвае плячыма.
— Бо праўда вочы табе коле,
І ня мінеш ты, нябось, Сроля —
Ня людзкая твая натура,
Ня пахне дом свой і пячура:
Абы гарэлка на прымеце —
Ты ўсё гатоў забыць на сьвеце! —
Міхась стаіць, зьнявагі поўны,
І погляд кідае бязмоўны.
О, колькі крыўды ў ім, абразы!..
Э! лепш змаўчаць ёй, лепш тры разы
І не адказываць нічога.
Ён толькі ў бок плюе з парога,
Ідзе — сам гнеў і сама бура,
Са лба на бровы зьбегла скура,